Donate
Poetry

Міна Лой. Песьні да Іаана - Частка ІI

многая лета07/05/26 14:080


Вершаваная нізка Міны Лой Песьні да Іаана была апублікаваная цалкам ў красавіку 1917 года ў амэрыканскім часопісе Іншыя. Цікава, што гэтай паэтычнай працы быў прысьвечаны цэлы выпуск, хаця часткі нізкі раней ужо зьяўляліся ў часопісе пад назвай Песні каханьня (ліпень 1915 г.) і ў анталёгіі Іншых за 1916 г. Песьні да Іаана — галоўная праца Лой у перыяд 1910х гадоў. Гэта мантажная паэма, якая складаецца з 34-х частак і прысьвечаная яе адносінам з Фларэнційскімі каханкамі. Празьмерная натуралістычнасьць, жывёльнасьць, злая самаіронія і адначасова шчырая аголенасьць эга, сэксуальная сумленнасьць — усё гэта зрабіла гэты твор узорам экстрэмальнага мадэрнісцкага эксперыментаваньня.

Творы Лой — квінтэсэнцыя мадэрнізму. У Песьнях да Іаана паэтка камбінуе розныя лексіконы — медыцынскі, біялагічны, слэнг і г. д. –, якія і зараз выглядаюць ля чытач: ак нязвыкла ў вершаванай матэрыі, што ўжо казаць пра людзей пачатку 20 стагоддзя, для якіх усё гэта — навінка. Акром таго, паэзія Лой візуальна насычаная. Аўтарка эксперыментуе з пунктуацыяй, разьмяшчэньнем радкоў на старонцы і прабелаў. Такі ідыясінкрастычны падыход персаналізуе досьвед пражываемых гераіняй сітуацыі, паўтарае выгібы сэнсаў. Адрозна ад іншых мадэрнісцкіх вышукаў, творчасьць Лой аўтабіяграфічная, суцэльна асабістая, інтымная. Да ўсяго гэтага дапасуецца ейная фэмэнісцкая оптыка (таксама новая для таго часу) і сэксуальнае вызваленьне. У сваёй вершаванай нізцы Міна Лой прапануе сваё пераасэнсаваньне тэмы рамантычнага каханьня, якое яна апісвае з клінічнага, фізіялагічнага пункту гледжаньня, перапрысвойваючы сабе цялеснасьць і робячы яе цэнтральнай тэмай Песень да Іаана. Каханьне Лой адначасова дэструктыўнае і ствараючае новыя сэнсы, новыя існасьці старых людзей. Яна зьневажае стагоддзі рамантычнай паэзіі і яе ілюзорнасьці і прыраўнівае чалавечае да драпежнага. Напрыканцы, гэта сумесь навуковага, вобразнага, матарыяльнага і асабіста-запаветнага, шчымлівага прыводзіць да аргазьмічнага задавальненьня ад прачытаньня і пераўтварае інтэлектуальны досьвед у фізічны кантакт з тэкстамі. 

прадмова перакладчыцы


XII

Галасы ломяцца на рубяжах палкасьці
Жаданьне     Падазрэньне     Мужчына     Жанчына 
Раствараюцца ў вільготнай бойні

Плоць ад плоці 
Атрымлівае непадзельнае задавальненьне
Цалуюцца задыхаючыся      каб злавіць яго

Ці праўда 
Што я аддзяліла цябе
Некранутага ў абсалютнай крысталізацыі
Ад усіх    таўканіна натоўпу
Навучыла мяне самахоць жыць каб дзяліцца

Ці ты 
Толькі другая палова
Неабходнасьці эга
Караеш пыху спачувальнасьцю
Пад паверхневы гук дысанансу
І бом подыху які спрабуе ўцячы


XIII

Хадзі да мяне    Ёсьць штосьці
Што я павінна табе сказаць    І не магу выказаць
Штосьці набывае форму
Штосьці што мае новае імя
Новае вымярэньне
Новую прыдатнасьць
Новую ілюзію

Яно ахінальнае               І яно ў тваіх вачах
Штосьці зіхатлівае        Штосьці толькі для цябе
Штосьці што я не павінная бачыць

Яно ў маіх вушах           Штосьці вельмі рэзананснае
Штосьці што ты не павінен чуць
Штосьці толькі для мяне

Будзьма вельмі раўнівымі
Вельмі падазронымі
Вельмі кансэрватыўнымі
Вельмі жорсткімі
Іначай мы пакладзем канец штурханіне імкненьняў
Зруйнуем некранутыя эга 

Дзе двое ці трое прылітаваныя разам
Яны павінны стаць богам
— — — — — — —
Так слушна
Трымайся ад мяне падалей    Калі ласка адштурхні мяне
Ня дай мне зразумець цябе    Не ўсьведамляй мяне

Іначай мы ўпадзём разам
Дэпэрсаналізаваныя
Ідэнтычныя
У дзівосную Нірвану
Я ты  —  ты  —  я

 

XIV

Сёньня
Вечная    прамінальная​​    відавочная    незаўважная
Табе
Я прыношу толькі што народжаную цнатлівасьць
— Сябе    на імгненьне

Ні каханьня ні чагосьці іншага
Толькі сутычка сьвятлістых целаў
Што красаюць іскры адно аб адное
У хаосе


XV

Рэдка    Намагаючыся адшукаць Каханьне
Фантазія разьмяркоўвала іх у багоў
Тры ці чатыры мужчыны    выглядалі толькі па-чалавечы

Толькі ты адзін
Звышчалавек    як відаць
Я павінная была трапіць у слабы вір
Тваёй бязґлуздай чалавечнасьці
Каб палюбіць цябе так моцна

 

XVI

Мы маглі б жыць разам
Пры сьвятле Арно
Ці хадзіць красьці яблыкі пад вадой
Ці гуляць
У хованкі ў каханьні і павуціньні
І граць калыханку на вуліцы бразґатлівых бляшанак

І    размаўляць пакуль не засталося б больш языкоў
Якімі можна размаўляць
І не маглі б жадаць большага


XVII

Мне ўсё адно
Куды ідуць ножкі ножак мэблі 
Або што схаванае ў ценях іх крокаў
Або што паглядзела б на мяне
Калі б фіранкі не былі завешаныя

Чырвоны    цёплы колер на полі бою
Цяжкі на маіх каленях як покрыўка 
Лічыльнікі лічаць
Я лічыла    аблямоўку ручніка
Пакуль два кутасы што зьліпліся разам
Ня вымусілі гэты квадратны пакой зьнікнуць
З круглага вакуўма
Які пашыраецца з маім дыханьнем


XVIII

З разрыву
Ад узгорку да ўзгорку
Інтэрым
Ад зоркі да зоркі
У момант стварэньня
Статычнасьці
Ночы


XIX

Нічога так не захоўвае
Як халоднае расьсячэньне
Нотка Q H U
Аздобленая разьбой
Адухаўляючая
Пахнучая пылком
Прастора
Белае апавяданьне
Пра спатоленьне
Пітной
Праз пальцы
Бягучай вадой
Бацьвіньня
Якое расьце каб

Зьбіваць з дарогі
Сьветлячкоў
Паветраная кадрыля
Адскокваюць
Адзін ад аднога
Ізноў спалучаючыся
Ў адноўленых пульсацыях
Сьвятла

Ты таксама
Меў штосьці
Ў гэты час
Ад зялёна-бліскучага сьветляка
— — — — — — —
Але павольна змакрэлага
Да беспраменнасьці
Пад дажджом 


XX

Няхай Радасьць ляціць на крылах суцяшэньня
Каб калаціцца ў тых каго гэта датычыцца


XXI

Я абгароджваюся ад цябе начамі 
Нагрувашчанымі кашмарамі затуленых кветак
— — — — — — — — — —
Стусую палудні
Зьвінутыя ў пасьяньсе
Ядра
Сонца


XXII

Зялёныя рэчы растуць
Салаты
Для цэрэбральнага
Адраджэньня зьбіральніцтва

На апушаных жыватах
Гор
Што гайдаюцца на сонцы
І кветачнае пустаслоўе
Разьбіваецца
Каля маіх недарэчных туфляў

На шляхах без цябе
Я іду
Нязграбна
Як і ўсё наўкол


Comment
Share

Building solidarity beyond borders. Everybody can contribute

Syg.ma is a community-run multilingual media platform and translocal archive.
Since 2014, researchers, artists, collectives, and cultural institutions have been publishing their work here

About